У Баранавіцкім раёне ўшаноўвалі першага тысячніка Брэсцкай вобласці
Па-сапраўднаму вышэйшы пілатаж прадэманстраваў старшы камбайнер Баранавіцкай птушкафабрыкі Сяргей Каленкавіч-ён першым у Брэсцкай вобласці намалаціў тысячу збожжа новага ўраджаю. Павіншаваць хлебароба з дасягненнем такой высокай планкі прыехаў асабіста старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый Шулейка.
Паціскаючы натруджаную руку хлебароба і ўручаючы ўзнагароду ад аблвыканкама, кіраўнік Брэстчыны падзякаваў Сяргею Каленкавічу за шматгадовую добрасумленную працу, пажадаў не спыняцца на дасягнутым і ўбраць у тэрмін яшчэ не адну тысячу тон багатага ўраджаю, што спее на палях птушкафабрыкі.
Не абышлі ўвагай у гэты дзень і яшчэ двух герояў жніва: вадзіцеляў гаспадаркі Баранавіцкай птушкафабрыкі Юрыя Мароза і Юрыя Дразда. Першаму з іх, дарэчы, не хапіла зусім ледзь-ледзь часу, каб стаць першым кіроўцам, які перавёз тысячу тон збожжа на Брэстчыне.