Новы загадчык Баранавіцкага раённага цэнтра рамёстваў
Новым загадчыкам Баранавіцкага раённага цэнтра рамёстваў прызначаная Аліна Галіцкая. Жыхарам горада і раёна яна добра знаёмая як таленавітая паэтка, аўтар і выканаўца песень.

Прызначэнне на пасаду кіраўніка Цэнтра рамёстваў стала для яе важнай падзеяй. У гутарцы з карэспандэнтам Аліна Аляксандраўна падзялілася сваімі пачуццямі і планамі:
- Гэта для мяне вялікі гонар і адказнасць. Я сама тут нарадзілася і вырасла, таму вельмі прыемна ўзначаліць цэнтр. У планах у мяне вельмі многае. Хочацца развіць гэтае месца, зрабіць яго больш папулярным, павялічыць наведвальнасць. У задумках шмат творчых праектаў: ад фотазон да аднаўлення абраду шлюбу. Раней ён быў, але цяпер праводзіцца рэдка. А гэта вельмі прыгожая цырымонія менавіта ў народным стылі, на адкрытай прасторы. Хочацца, каб людзі больш любілі беларускую культуру.










